СУДО́ВАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць усіх судоў дзяржавы, якія маюць агульныя задачы і звязаны паміж сабой адносінамі па ажыццяўленні правасуддзя. Кожнае са звёнаў С.с. ўяўляе сабой сукупнасць судоў аднолькавай кампетэнцыі (гл. Судовая інстанцыя). У Рэспубліцы Беларусь С.с. ўстанаўліваецца яе Канстытуцыяй і Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995. Яна складаецца з Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, абласных, Мінскага гар., раённых (гар.) судоў, Бел. ваен. суда, міжгарнізонных ваен. судоў, Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь, гасп. судоў абласцей і прыраўнаваных да іх судоў, а таксама гасп. судоў гарадоў і раёнаў. Утварэнне надзвычайных судоў у Рэспубліцы Беларусь забаронена. У сістэме агульных і гасп. судоў дапускаецца ўтварэнне спецыялізаваных калегій, а ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, у сістэме гэтых судоў могуць быць утвораны спецыялізаваныя суды: па справах непаўналетніх, сямейных справах, адміністрацыйныя, зямельныя, падатковыя і інш. Склад і кампетэнцыя ўсіх судоў С.с. вызначаецца заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)